МАРСКА́Я АРТЫЛЕ́РЫЯ,

від зброі ВМФ, якой аснашчаны ваен. караблі (карабельная артылерыя) і берагавыя ракетна-артыл. войскі (берагавая артылерыя); прызначаны для паражэння марскіх, паветр. і наземных цэляў.

Папярэднік М.а. — стараж. кідальныя машыны (балісты і інш.). З 14—15 ст. у прыморскіх крэпасцях і на караблях устанаўліваліся агнястрэльныя гарматы (да 2-й пал. 19 ст. гладкаствольныя, у т.л. каранады). У ветразевым флоце найбольш гармат мелі лінейныя караблі (лінкоры) і фрэгаты. У паравым браняносным флоце артылерыя была гал. узбраеннем браняносцаў, лінкораў (спачатку наз. дрэдноўтамі), крэйсераў, кананерскіх лодак. У пач. 20 ст. ў ВМФ з’явілася зенітная, у сярэдзіне 20 ст. — рэактыўная артылерыя. На тэр. Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. былі артыл. караблі ў складзе рачных ваен. флатылій — маніторы, кананерскія лодкі, бранякатэры, плывучыя батарэі; берагавую артылерыю мелі Пінская (артыл. зенітны дывізіён на мех. цязе) і Дняпроўская (1944, 2 асобныя зенітна-артыл. дывізіёны) ваен. флатыліі.

Сучасная берагавая артылерыя паводле тыпаў артыл. установак падзяляецца на стацыянарную і рухомую, а паводле канструкцыі — на вежавую і адкрытую; карабельная — на вежавую, шчытавую і адкрытую. Далейшае развіццё М.а. ідзе па шляху павелічэння далёкасці стральбы (у берагавых і карабельных гармат дасягае 46 км), павышэння скарастрэльнасці, удасканалення снарадаў, укаранення новых сістэм аўтаматыкі і электронікі; асн. ўвага аддаецца зенітнай і універсальнай артылерыі.

Літ.:

Сагоян А.А Артиллерийские стрельбы речных кораблей // Морской сборник. 1941. № 4;

Мельников П.Е. Старты с берега. М., 1985;

Шершов А.П. История военного кораблестроения: С древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994.

У.Я.Калаткоў, Р.К.Паўловіч.

Да арт. Марская артылерыя: 1 — размяшчэнне гармат на маніторы тыпу «Жалезнякоў» Пінскай ваеннай флатыліі; 2 — сучасная расійская карабельная спараная універсальная вежавая артылерыйская сістэма АК-130.

т. 10, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)